ДНЯПРО́ЎСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
аб’ядноўвае шматлікія ізаляваныя радовішчы на тэр. Днепрапятроўскай, Запарожскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай абл. Украіны. Пл. каля 150 тыс. км²; распасціраецца пераважна па правабярэжжы р. Дняпро на 680 км пры шыр. да 150 км. Вугляноснасць басейна звязана з палеагенавымі адкладамі, якія залягаюць на крышт. пародах Украінскага масіву. Разведаныя запасы вугалю 2,4 млрд. т.
Наяўнасць вуглёў вядома з 16 ст. Інтэнсіўнае асваенне з 1946. Магутнасць вугляноснай тоўшчы да 55 м, глыб. залягання ад 5 да 160 м. Вуглі бурыя, тэхн. групы Б1. Цеплыня згарання на рабочае паліва 9,2 МДж/кг. Здабыча вядзецца разрэзамі і шахтамі. Цэнтр — г. Александрыя.
т. 6, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)